«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,

заходнебеларускі часопіс. Орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦК КПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».

П.І.Зялінскі.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)